БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВЫ КАБІНЕ́Т у Празе. Існаваў з ліст. 1927 да 1930 у г. Прага (Чэхаславакія). Размяшчаўся ў будынку Украінскага ін-та грамадазнаўства. Кіраўнік-сакратар Т.Грыб. Меў на мэце: збіранне і сістэматызацыю матэрыялаў па гісторыі, л-ры, мастацтве, геаграфіі, эканоміцы Беларусі, бел. вызв.-адраджэнскім руху; вывучэнне Беларусі як геагр., культ., гіст., сац.-эканам. і лінгвістычнай адзінкі ў сістэме ўзаемаадносін народаў Усх. Еўропы; даследаванне тэндэнцый і перспектыў развіцця бел. народа і яго самаст. існавання ў дзярж. і нац.-культ. сэнсе; азнаямленне навук. колаў інш. народаў з бел. праблематыкай. Пры кабінеце існаваў музей-архіў. У сак. 1928 выдаў адозву да ўсіх бел. устаноў на эміграцыі з запрашэннем да супрацоўніцтва. Пасля спынення дзейнасці навук. і архіўныя матэрыялы кабінета перададзены ў фонд бел. аддзела Славянскай б-кі і Бел. загранічнага архіва ў Празе.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)